Бел-чырвона-белы паход або прыгоды на шляху да возера Тоба

Дзень першы. Гасцінная Мухуры.

Група з 10 чалавек сабралася ў Кутаісі. Наш шлях павінен быў пачацца з вёскі Мухуры. Але прыгоды пачаліся раней. Аказалася, што ў тым рэгіёне дзве вёскі з такой назвай і, зразумела, таксісты павезлі нашу групу не туды. Добра, што пільны праваднік Лёша своечасова заўважыў памылку. Павярнулі ў супрацьлеглы бок…
У Мухуры трэба было паставіць намёты і заночыць. Убачыўшы вялікую паляну ў адным з двароў, Лёша, кіруючыся, пэўна, вопытам ці інтуіцыяй, спыніўся і запытаў гаспадароў, ці можам мы ў іх размясціцца. З гэтага пачалася гісторыя неверагоднай грузінскай гасціннасці. Было такое ўражанне, што мы сваякі, якія доўга не прыязджалі і вось. Хуценька быў арганізаваны стол: дамашні сулугуні, віно, спечаны ляпёшкі і хачапуры, смак якіх немагчыма забыць. Акрамя таго, мы не маглі не абмінуць з дарогі рэчку. Пасля дня спёкі ледзяная прахалода горнай ракі нас не спыніла. Неяк нечакана арганічна мы занырнулі за вечар у мясцовую культуру. Размаўлялі, разглядалі асаблівасці грузінскага побыту. Вельмі хацелася пачуць іх спевы, але ў сям’і яшчэ была жалоба па памерлым, таму яны не маглі спяваць, а прапанавалі паспяваць нам. Трэба сказаць, што ўсе ўдзельнікі паходу, акрамя аднаго Лёшы (супадае з імем правдніка і не зразумела))), аказаліся беларусамі, таму «Купалінку» ведалі ўсе. Так мы прывіталі чужую зямлю нашай песняй. Грузінка Каця паабяцала задаволіць нашу цікаўнасць і паказаць, як яна гатуе свае цудоўныя хачапуры, калі мы прачнемся а шостай раніцы. Таму другі дзень у дзяўчат пачаўся не толькі рана, але і вельмі смачна))))

 

Дзень другі. Аніны боты і камаз.

Як і планавалася (я б тут паставіла акцэнт на планах), на другі дзень, мы рушылі ўздоўж ракі ў бок перавалу Націпуру. Замест горнай трапы на гэтым адрэзку дарогі пабудавалі дарогу, таму мы шпацыравалі, напоўніцу аглядаючы маляўнічыя краявіды — скалы, увітыя ліянамі, буянне зеляніны, горныя ручаі і вадаспады, адзін з якіх нас зноў-такі выратаваў ад спякоты. Пакупаліся.
Але праз некалькі гадзін ходу выпадкова заўважылі, што ў Ані адвалілася падэшва аднаго з ботаў. Гэта было нечакана, бо боты выглядалі добрымі, хаця і былі не новыя. З улікам, што мы ўжо былі далёка ад цывілізацыі, а наперадзе быў увесь паход, гэта пераўтваралася ў сур’ёзную праблему. Як часовую меру, паспрабавалі прымацаваць падэшву да бота скотчам, але па камянях скотча хапала ненадоўга. Дайшоўшы да месца, першай запланаванай правадніком начной стаянкі (лапік збоку дарогі), высветлі, што там пастаўлены ўльі. Горныя пасекі сустракаліся нам час ад часу па дарозе, але яны месціліся на схілах так, што дзіву даваліся, як іх там ставілі і як там няпроста збіраць мёд. Дарога, па якой мы рухаліся — скалы справа, адхон і непралазныя кусты злева ці наадварот. Таму паўстала сапраўды пытанне, дзе ставіць намёты і дзе ночыць.

За паваротам ля вадаспаду мы ўбачылі камаз ( на самой справе гэта быў краз з кабінай камаза), які мы сустракалі раней па дарозе, калі машына везла ўніз векавы лес – букі да двух метраў у дыяметры. Гэтым разам платформа камаза была пустая, а каля яго турысты, падобныя да нас, гаманілі, елі арбузы і весяліліся ля вады. Лёша падышоў да іх пагутарыць, вярнуўся з арбузам і прапановай падняцца вышэй на камазе, бо ў той групы якраз прадугледжвалася заброска на пэўную вышыню менавіта такім чынам. З улікам Аніных ботаў, у якіх было нязручна ісці, Жэневых сцёртых ног, якія ўжо пачалі балець, мы не адмовіліся. Гэта быў першы экстрым паходу. Дарога была вельмі вузкая і звілістая, машына з доўгай платформай без бартоў, на якой мы сядзелі ўчапіўшыя за тросы. З першага разу ў вузкія павароты камаз не ўпісваўся, таму кожны раз манеўрыраваў, павісаючы разам з нашымі крыкамі жаху заднімі коламі над абрывамі. Гэта было сапраўды страшна. Калі даехалі даверху, пальцы, што мёртва ўчапіўшыся трымалі трос, цяжка разгібаліся. Група, якая частавала нас арбузам, заняла чарговую паляну, а мы па запрашэнні вадзіцеля камаза паехалі да месца, дзе ночылі вальшчыкі лесу. Як высветлілася, вадзіцель камаза Коля, ужо 20 год «катаецца» на сваёй машыне, таму так смела кіруе ёй на адхонах горных дарог. Ён пабудаваў гэтую дарогу, ён займаецца нархтоўкай лесу на вышынях перавалу Націпуру, менавіта яго пасекі мы бачылі па дарозе. Гэтакі гаспадар гары Націпуру 🙂
Трэба сказаць, што зручнага месца, каб паставіць намёты, нават там не было. Мы з дзяўчатамі з дазволу Колі паставілі свой намёт на платформе камаза, а астатнія размясціліся проста пасярод дарогі (акрамя машыны Колі, іншыя там не ездзяць, а ён раней 7 раніцы не збіраўся нікуды). Нам было прапанавана заняць месцы ў невялічкай часовай хатцы, дзе жывуць у летні час вальшчыкі лесу. Але ночыць побач з ужо нецвярозымі грузінамі, якія не размаўляюць па-руску, было неяк няёмка і боязна. Тым не менш і тут мы ўразіліся грузінскай гасціннасці. Грузіны хутка арганізавалі стол з сырам, віном, чачай, гароднінай, зварылі бульбу, прыгатавалі мамалыгу – кашу з кукурузнай мукі і сыру. Мы нават атрымалі майстар-клас па прыгатаванні гэтай нацыянальнай стравы.
Дапамаглі грузіны з рамонтам ботаў Ані. Знайшоўся селікон, дрот і інструменты. Тое, што грузіны падклеілі ўвечары, Лёша раніцай замацаваў дротам, прыйшоўшы да думкі, чым ён будзе падпрацоўваць узімку 🙂 Насамрэч боты ад Аляксея Харужкі паспяхова прайшлі ўвесь паход не разваліўшыся.

Дзень трэці. «Даліна смерці»

Трэці дзень, ён цяжкі самы… Напачатку мы рушылі праз маляўнічую даліну з кветкамі і разнатраўем перад перавалам Аходжэ, мы бачылі наперадзе лес і высокія пікі гор. Не верылася, што мы туды падымемся. Гэта быў дзень, за які перад намі памяняліся розныя краявіды — лес, лугі з рознакаляровымі кветкамі і вось мы дайшлі да больш суровых горных пейзажаў.
Трэба сказаць, што маркіроўка складанасці трапы, па якой мы ішлі выглядала як сукупнасць белай-чырвонай-белай рысак, што ў беларусаў выклікала вельмі канкрэтныя асацыяцыі і не магло не грэць душу.

Па той прычыне, што нас падвез камаз і мы скарацілі час на ўзыходжанне, пад’ём на перавал Аходжэ мы таксама пачалі ў гэты дзень. Падымацца па камяніскам было ўжо не так проста, як шпацыраваць па лясной дарозе. Для Жэні, у якога была праблема (з ўжо сцертымі нагамі) з абуткам, гэта стала сапраўдным выпрабаваннем. Лёша падбадзёрваў, указваючы на кропку ўверсе да якой трэба падняцца, а пасля якой спусціцца ўніз. І вось нарэшце мы на вяршыні перавалу. Але аказалася, што самае цяжкае-такі наперадзе. Трапа, па якой меркаваў спускацца Лёша, аказалася пад ледавіком, які не растаяў з зімы. Было два варыянты спуску: даволі круты па камянях або такі ж круты па снезе. І тое і тое для неспрактыкаваных навічкоў нашай групы было небяспечна і страшна. Камяні перыядычна асыпаліся з-пад ног і хтось раз-пораз падаў, не ўтрымаўшы раўнавагу. Калі мы ішлі лясамі і лугамі, снег дзесь далёка на вяршынях выглядаў неяк ненатуральна, як на карцінках у такую спеку. Але вось мы дабраліся і да снегу. Па снезе таксама было ісці небяспечна, бо дзе-нідзе пад ім былі пустоты, але пабачыць іх было немагчыма, выключна інтуіцыя. Карацей, пры адсутнасці трапы і вопыту і наяўнасці вышыні і стромы, гледзячы з якой уніз пачынала кружыцца галава, ісці было мякка кажучы СТРАШНА. Асабліва пасля падзенняў, перш чым абаперціся на нагу, дзесяць разоў прымерваешся, як яе лепш паставіць. Вось на гэтым перавале сапраўды адчулі каштоўнасць трэкінгавых палак, без якіх быў бы проста гамон. Здалося, спуск даўжынёй паўтара кіламетра доўжыўся цэлую вечнасць. Федзя, самы малодшы ўдзельнік нашай групы, якому 16, назваў яго далінай смерці, бо, пэўна, не ён адзін спускаючыся думаў пра самае дрэннае…Першы перавал быў ўзяты, сінякі і драпіны адразу сталі дробязнымі і не вартымі ўвагі, а стрэсавы адрэналін адразу пераўтварыўся ў дафамін.
Спусціўшыся, мы ўбачылі неверагоднай прыгажосці возера Аходжэ, якое люстэркам было ўмуравана ў навакольную каменную аправу. Велічнае і спакойнае, яно было такім кантрастам з тымі эмоцыямі, якія былі перажыты пры пад’ёме і спуску ў гэты дзень, што эмоцыямі проста накрыла… А кропля чачы і глыток рэгідрону ў час першай паходнай вячэры пад ясным зорным горным небам натхнілі і дадалі аптымізму.

Дзень чацвёрты. Знаёмства з аблокамі).

Пераход праз перавал Тоба быў просты ў параўнанні з папярэднім выпрабаваннем. Калі мы апынуліся ўверсе і ўбачылі галоўную мэту нашай вандроўкі – возера Тобаварчхілі, перад нашымі вачыма ў першую чаргу паўсталі аблокі, што нібы падымаліся з-за возера. Гэта глядзелася неверагодна, быццам там, за возерам, яны нараджаліся і пачыналі свой шлях ва ўсе бакі свету. Прывыкнуць, што аблокі так блізка і яны перыядычна вылятаюць з-за перавала, як птушкі, было немагчыма. Хацелася прабегчы пяцьсот метраў, каб дакрануцца да іх… )
У гэтым неврагодным месцы мы сталі на стаянку на дзве ночы.

dav

Дзень пяты. Прагулка па азёрах.

Гэта быў дзень сапраўды адпачывацельны, бо не трэба было несці на сабе заплечнік. Няглдзячы на тое, што прыходзілася па-ранейшаму ўзбірацца і спускацца за перавал, мы
гулялі па навакольных азёрах, крыштальна-сонечных, пракрытых снежна-ледзяным панцырам, аточаных каменным вянком, атрымлівалі асалоду ад колераў і пахаў вельмі прыгожых лугоў, забраўшыся на гару над возерам доўга разглядалі аблокі пад нагамі, як яны мяняюць форму і колер, набліжаюцца ці ўлятаюць. На перавале паспрабавалі зазірнуць за далягляд, з-за якога хаваўся суворы Эльбрус. Здавалася, што да яго рукой падаць: можа есць які лепшы па-беларуску). Ну і зразумела, мы не маглі не купацца. Празрыстасць вады чысцюткіх азёраў падманлівая і немагчыма ацаніць глыбіню ў метры ад берага. Вада ледзяная, але выскачыўшы з яе, проста нанова народжаным пачуваешся.
Яшчэ ў сувязі з тым, што на нялітасцівым сонцы пацярпелі ўсе ў большай ці меншай ступені, хачу ўзгадаць лайфхак, які прыдумала Даша для тыльнага баку далоні. У асабліва беласкурых гэтая частка цела падгарала, а пальчаткі ў сувязі з мяркуемай цеплынёй ніхто не браў. Выратаваннем стала пара шкарпэтак, з якой быў зрэзаны нос і зроблена дзірачка на палец. Гэтай знаходцы былі рады ўсе «бледналіцыя» нашага паходу ))

Дзень шосты. Трапа «малпы».

У гэты дзень нам трэба было вельмі рана падняцца, каб рушыць на спуск. Неба хмарыла, быццам аблокі, на якія мы не маглі наглядзецца два дні, вырашылі паказаць нам, на што яны яшчэ здольны, акрамя прыгажосці. Спуск палягаў па камяністай сцяжыне ў высокай траве. Лёша сказаў, што такія сцяжыны называюцца «трапа малпы», бо месцамі трэба было перабірацца праз камяні, дапамагаючы сабе яшчэ і рукамі. Увага і засяроджанасць у гарах у прынцыпе неад’емны складнік паходу, але тут асабліва трэба было глядзець пад ногі, бо месцамі былі небяспечныя абрывы…
Вельмі экзатычна выглядалі каровы-альпіністкі ў гарах ды яшчэ на снезе (яны так ратаваліся ад спякоты), мы ўсё дзівіліся, як яны залезлі на такую вышыню…
З неба пачалі даносіцца грымоты. Калі мы спусціліся да прытулку пастуха лівануў дождж, якога ў гэтых краях, як нам сказалі, не было з месяц. Мы парадаваліся, што ранні пад’ём быў нам на карысць і мы не паспелі намокнуць. І зноў гасцінныя грузіны. Пастух пачаставаў нас мацоні і сваім сырам (выраблены сыр меў фірмовым знак-першую літару прозвішча майстра). У яго аказалася больш за 50 кароў і больш за 100 коз. За лета, ён пахваліўся, гатуюць і спускаюць на конях уніз у вёску па 500 кг сыру. А яшчэ нельга было не замілавацца ад пастуховых сабак, худых і галодных, але вельмі ласкавых і мілых. За час нашага кароткага прытулку, гэтае гаціннае месца наведалі і іншыя вандроўнікі. Здзіўляла, што гаспадар прымаў ўсіх як належнае: разамаўляў, вітаўся, даваў падсілкавацца, нараджаючы ў кожнага з нас адчуванне, быццам ты сапраўды завітаў туды, дзе цябе заўсёды чакаюць. Яшчэ раз пяем славу грузінскай гасціннасці, выхаванай, напэўна, і суворым аскетызмам горнага жыцця.
Падсілкаваўшыся пачастункамі, перачакаўшы моцную залеву, апрануўшыся ў дажджавікі, мы рушылі далей. Спусціўшыся ў даліну ракі Магана, мы апынуліся сярод буйнай раслінасці трапічнага клімату – неабдымнымі букамі, ліянамі, папарццю ў рост чалавека.
На начоўку мы сталі разам з групай, якая падвезла нас на камазе.

Дзень сёмы. Хатка, мілая хатка… )

Спуск працягваўся, мы не пераставалі любавацца ліянамі і камянямі, парослымі імхамі ў трапічным лесе, ад пахаў якога кружылася галава. За пераход нас чакала пару пераходаў рэк уброд, але гэта была асалода – акунуць гарачыя ад хады ногі ў ледзяную ваду хоць на пяць хвілін. Зноў збіралася на дождж, і проста казачным церамочкам сярод горных абшараў раптам паўстала невялікая драўляная хаціна. Гэта быў кемпінг, якім мог карыстацца любы мінак. Прыемна здзівіла чысціня і наяўнасць двухпавярховых ложкаў з матрацамі на першым паверсе. На другім было два матрацы і падлога на якой можна зручна размясціцца са спальнікамі цэлай групе. Мы спыніліся на абед і трохі перачакаць дождж, але ён усё мацнеў. Вырашана было застацца тут да заўтра. Увечары наш прытулак папоўніўся яшчэ і парай украінскіх турыстаў, з якімі мы ўжо бачыліся ў хатцы пастуха. На жаль, на вяршыню гары Квіра ў сувязі з надвор’ем мы не ўзняліся, але ўвечары, калі дождж сціх і сонца на захадзе пазалаціла горы, неба ўпрыгожылі адразу дзве велізарныя вясёлкі. Неверагодна прыгожа! Хлопцы распалілі вогнішча (тут ужо было з чаго), што канчаткова задаволіла і супакоіла перашабытныя інстынкты ўнутры кожнага ))

Дзень восьмы. Апошні…

Выспаўшыся, мы рушылі ў канечны пункт паходу – вёску Шхуры. У гэты дзень тым, хто ішоў часцей у хвасце, так хацелася хутчэй дайсці, што яны былі ў авангардзе. Дайшлі хутка. Лёша патэлефанаваў гасціннаму Зазе, які чакаў нашага званка, каб даехаць да нас і забраць у Мухуры. І вось мы зноў у цёплай атмасферы. Пакуль хлопцы рабілі святочны шашлык, дзяўчаты акунуліся ў свет побыту грузінскай жанчыны. Самая старая жанчына 86 год з імем, падобным на нейкую трапічную кветку, на тэрасе лушчыла ад лісцяў фундук, выбіраючы гнілыя і папсаваныя гарэхі. Мы далучыліся ў дапамогу, і пацякла гутарка жаночых сакрэцікаў: як грузінскія жанчыны выбіраюць мужчын, калі і як выходзяць замуж, якой павінна быць грузінская жонка, як выхоўваюць дзяцей і інш. Трэба сказаць, што з усяго пра што гаварылі, усё роўна больш за ўсё ўразіла жыццёвая энергетыка старой жанчыны, якая з гумарам пра ўсё расказвала, даючы трапныя характарыстыкі людзям і рэчам…
Мы не раскладалі намёты на гэтую ноч на паляне пры хаце, бо пачалася залева, якую б не вытрымаў ні адзін наш намёт. Зноў падумалі, як нам пашанцавала. Паляглі ў спальніках на падлозе ў старым драўляным грузінскім утульным доме.
На раніцу ад’язджалі ў Кутаісі, а грузіны праводзілі нас з кветкамі, цёплымі словамі і слязамі на вачах. Не ведаю, чым мы ім так спадабаліся, але ад іх невытлумачальнай цеплыні нельга было застацца абыякавымі.

 

Увечары мы прыбылі ў Тбілісі, акунуліся ў дары цывілізацыі ў выглядзе гарачай вады і душа, а пасля вырашылі працягнуць дэгустацыю грузінскай кухні. Той рэстаран, які нам параілі ўжо абазнаныя Іра і Лёша быў месцам сціплым, але душэўным. Лагічным завяршэннем паходу, дзе амаль усе былі беларусы, стала зноў-такі «Купалінка». 74-гадовы скрыпач, які заўважыў нашу вялікую кампанію, запытаўшы, адкуль мы, кінуў два словы піяністу і яны зайгралі, а мы заспявалі. Дробязь, а прыемна. Потым не адзін раз па вяртаніі дадому пераглядалі відэа, напаўняючы сябе ўспамінамі аб прыгожай і багатай грузінскай зямлі, з яе захапляльнымі і ўразлівымі краявідамі, гасціннымі і адкрытымі душой людзьмі і прысмакам сванскай солі….

Цяпер парады, для тых хто дачытаў гэты аповед да канца))). Аналізуючы плюсы і мінусы вандроўкі па дарозе дадому думалася пра тое, што да такога актыўнага адпачынку трэба рыхтавацца загадзя. Як мінімум бегаць з заплечнікам кілаграм у 5 на 12-ы паверх кожны дзень. Хаця б напрацягу гадзіны. Ад гэтага залежыць, як вы будзеце адчуваць сябе ТАМ. Ці гэта будзе прыемнай прагулкай ці неверагодным выпрабаваннем і пераадоленнем сябе.
Калі вы прывыклі ад душы паесці, бярыце адразу з сабой дадатковы сухпаёк. Гарачая ежа раніцай і ўвечары, а перакус у абед быў вельмі сціплы (+ пара хадавых ледзяшоў), таму якіх-небудзь гарэхаў ці сухафруктаў вельмі не хапала, каб закінуцца энергіяй і патрэбнымі вітаміна-мінераламі да вячэры. Зразумела, плюсы ад гэтага – навялі фігуру, але мінусамі былі праблемы са страўнікам ва ўдзельнікаў, схільных да гастрыту і з іншым рэжымам харчавання.

P.S. Я першы раз была ў Грузіі, раней чула водгукі пра ваяўнічых агрэсіўных грузінаў, але ў мяне склаўся іншы партрэт гэтай краіны і яе народа. Прыехала дадому і як нейкі казачны, але знаёмы водар уцягвала носам жнівеньскае беларускае паветра. Жнівень мае свой непараўнальны пах. Я была на іншай планеце. Азірнуўшыся назад, успамінаюцца не цяжкасці паходу, а цеплыня ўсмешак тых, хто кожны дзень ішоў побач, жыццядайная энергетыка грузінскіх вясковых жанчын, суровая гасціннасць грузінскіх пастухоў, загарэлыя твары, добрыя словы. І я ведаю, што пайду яшчэ 🙂

Лясовіч Святлана
За рэдагаванне вялікі дзякуй Апанасовіч Наталлі

cof

cof
cof

1 Comment

  1. Супер. Света описала все правильно. Мы с супругой словили себя на мысли, что сразу и во время похода никогда не пойдем в такую авантюру…но не прошло и 2х недель, как-то спросил , пошла бы ты снова? Да! И я! Магия гор, Грузии сделали свое дело!

Добавить комментарий